У ПРАВІНЦЫЮ БЕЗ ПРЫМУСУ…

У ПРАВІНЦЫЮ БЕЗ ПРЫМУСУ
Воскресенье, 22.09.2013 07:20. Рубрика: На маладзёжнай хвалі


У апошні час шмат намаганняў з боку дзяржавы накіравана на адраджэнне вёскі і малых населеных пунктаў: рамантуюцца ўстановы агульнай адукацыі і аховы здароўя, будуюцца сельскагаспадарчыя аб’екты, новыя дамы для новых сем’яў. У планах дзяржавы – прыток моладзі ў вёску, але ў самой моладзі, як паказвае статыстыка, зусім іншыя планы.

На такім не вельмі пазітыўным фоне асабліва прыемна сустрэцца з маладымі людзьмі, якія асэнсавана абралі месцам пражывання і працы адзін з населеных пунктаў нашага раёна.

Настасся ГРАМЫКА прыйшла сёлета працаваць выкладчыкам баяна і акардэона ў Капаткевіцкую дзіцячую школу мастацтваў. Дзякуючы маладому спецыялісту, пракаментавала дырэктар установы Алена Антанішына, у школе ўзнаўляецца забытае на некалькі гадоў народнае аддзяленне.

Настасся родам з Мазыра, там засталіся бацькі дзяўчыны, родная музычная школа № 1 і музычны каледж, пасля заканчэння якога яна і прыйшла працаваць у Капаткевічы.

– Я была прыемна здзіўлена новым месцам жыхарства, – расказвае Настасся. – Па праўдзе кажучы, спачатку думала, што тут зусім глухмень, але, прыехаўшы, зразумела, што ўсё неабходнае для нармальнага жыцця ёсць. Цяпер, наведваючы родны горад, хутка стамляюся ад мітусні.

Дарэчы, на месца працы дзяўчына прыехала разам з мужам. Малады чалавек, цясляр-станочнік па спецыяльнасці, таксама ўладкаваўся на працу. Хутка знайшлося для сям’і і жыллё – прыватны дом з газавым ацяпленнем.

Да выкладання Настасся прыступіла з энтузіязмам:

– Лічу, што настаўнік павінен ведаць пра свайго вучня як мага больш, тады лягчэй будзе знайсці агульную мову.

Адна з асноўных задач адукацыі — развіццё творчых здольнасцяў дзіцяці. Маладая настаўніца падзялілася сваімі меркаваннямі наконт таго, што трэба, каб выхаваць кампазітара.

– Па-першае, павінен быць музычны слых, пачуццё рытму, фантазія навучэнца, з затым (гэта ўжо задача педагога) — напрацаваць навыкі ў тэхніцы выканання і накіраваць прыродныя дадзеныя ў патрэбнае рэчышча. Не апошнюю ролю адыгрывае жаданне займацца музыкай. Мне самой здольнасць да яе перадалася, мабыць, у спадчыну, паколькі дзядулі з абодвух бакоў былі выдатнымі гарманістамі. Я ж валодаю трыма інструментамі: баянам, акардэонам і фартэпіяна.

Настасся запэўніла, што з вялікім задавальненнем будзе перадаваць свае веды і ўменні будучым вучням.

Не так даўно ў Капаткевічах адчыніўся салон мабільнай сувязі кампаніі МТС. Ініцыятыву праявіў малады прадпрымальнік, які таксама абраў месцам жыхарства гарадскі пасёлак. Прычынай пераезду маладой сям’і Дзмітрыя і Наталлі АКСЁНАВЫХ з Магілёва ў Капаткевічы стала мара жонкі працаваць па спецыяльнасці. Наталля – рыбавод, скончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Працоўнае месца ёй прапанавалі ў рыбгасе “Трэмля”.

Дзмітрый прызнаўся, што адразу падтрымаў намер жонкі да пераезду, бо яму, эканамісту па спецыяльнасці, патрэбен быў штуршок, каб распачаць уласную справу.



– Тут зусім няма канкурэнцыі. Акрамя падключэння да сеткі МТС, я прапаную такія віды паслуг, як рамонт камп’ютараў, капіравальнай тэхнікі, запраўка картрыджаў, раздрукоўка фотаздымкаў. Зараз шукаю пастаянных кліентаў сярод разнастайных устаноў і арганізацый, з якімі можна падпісаць дамову на абслугоўванне офіснай тэхнікі. Людзі ж прывыклі вазіць свае ПК у Калінкавічы ці Мазыр. Але, думаю, калі яны зразумеюць, што тут якасць рамонту не горш, а грошы на паліва можна зэканоміць, то ў мяне будзе больш кліентаў.

На пытанне, ці не шкадуе аб пераездзе, Дзмітрый адказаў, што ніколькі, бо сям’і з малымі дзецьмі жыць у вялікім горадзе вельмі складана. Тут жа ўсё на месцы – і школа, і дзіцячы садок, і бальніца. Цяпер маладая сям’я плануе браць крэдыт на будоўлю дома. Зусім хутка Наталля і Дзмітрый стануць бацькамі другога дзіцяці. Пра баўленне вольнага часу Дзмітрый адказаў, што яму пашанцавала, бо цяпер яго любімы занятак і ёсць праца.

Добрай навіной для жыхароў Капаткевічаў з’явілася сёлетняе папаўненне ў галіне медыцыны. Пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прыйшла працаваць у мясцовую бальніцу ўрачом-педыятрам Надзея ДРАБКОВА.
Сама Надзея – гамяльчанка, трапіла ў гарадскі пасёлак па размеркаванні, бо вучылася на бюджэтнай аснове. У сям’і дзяўчына – першы медык, але пра свой выбар не шкадуе.

– Я абрала педыятрыю, таму што люблю працаваць з дзецьмі – з імі куды лягчэй магу знайсці агульную мову. Увогуле, вучыўшыся на лячэбным факультэце, вагалася паміж двума варыянтамі – стаць дэрматавенеролагам ці педыятрам. Пад уплывам пэўных абставін спыніла выбар на другім.

Інтэрнатуру, дарэчы, Надзея праходзіла ў дзіцячай абласной бальніцы, таму вопыту ёй не займаць. На пытанне, што яшчэ неабходна для працы, урач адказала, што бальніца мае патрэбу ў спецыяльным стале для агляду немаўлят. А ўвогуле, умовамі задаволена: утульны кабінет, добры калектыў, прымальны расклад працы, жыллё. Не хапае толькі маладой дзяўчыне месца для культурнага адпачынку, таму, пры першай магчымасці, імкнецца дамоў, у Гомель.

Наталля ЧАБАТАР прыехала на працу ў якасці медыцынскай сястры прышчэпачнага кабінета ў Капаткевіцкую бальніцу пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа. Родам з абласнога цэнтра. Трапіла ў Петрыкаўскі раён па размеркаванні. Добра да маладой калегі аднесліся ў калектыве, дапамагаюць і падказваюць, прызнаецца дзяўчына. Цяпер Наталля разам з зямлячкай Надзеяй Драбковай здымаюць кватэру на дваіх. У планах – паступленне ў медыцынскі ўніверсітэт. Ну што ж, у добры шлях!
Здаецца мне, сёлета ў гарадскім пасёлку нядрэннае кадравае папаўненне. Было б добра, каб Капаткевічы для гэтых маладых людзей сталі другой радзімай, а самі спецыялісты не мітусіліся ў пошуках лепшага жыцця, а спакойна працавалі на сваіх месцах з упэўненасцю ў перспектыўнай і годнай будучыні для сябе і сваіх дзяцей.

Ірына ЗАНКЕВІЧ, фота аўтара.