З гісторыі права на валоданьне зброяй у ЗША

На модерации Отложенный

 

 

 

Перш чым вайсковы гвалт зможа кіраваць краінай,

яе насельнікі павінныя быць раззброеныя; менавіта так
сталася амаль ва ўсіх краінах Эўропы. Бог не жадае,
каб у Амэрыцы несправядлівасьць уладарыла з дапамогай мяча;
таму ўсе людзі тут узброеныя і маюць магчымасьць супрацьстаяць
гвалту любой дыктатуры, якая пажадала б калі-небудзь паняволіць Злучаныя Штаты.

Ной Вэбстэр, амэрыканскі палітык, публіцыст і мовазнаўца XVIII-XIX стагоддзяў, аўтар   “Амэрыканскага слоўніка ангельскай мовы”

 

Нягледзячы на доўгую гісторыю, пытаньне пра права грамадзянаў на валоданьне зброяй у Злучаных Штатах вось ужо больш за 100 год зьяўляецца адной з галоўных тэмаў грамадзкай дыскусіі. Раз-пораз падобныя спрэчкі ўзьнікаюць і ў іншых краінах, у тым ліку ў Беларусі. Таму досьвед Злучаных Штатаў, дзе, з аднаго боку, права на валоданьне зброяй зьяўляецца канстытуцыйным, а зь іншага боку, разьвіваецца вось ужо трэцяе стагоддзе, можа быць карысным для нас.

Другая Папраўка да Канстытуцыі Злучаных Штатаў, ухваленая Кангрэсам і першымі 13-цю штатамі адначасова з самой Канстытуцыяй у рамках Білля пра правы, гучыць наступным чынам: “Паколькі добра кіруемая міліцыя зьяўляецца неабходнай для бясьпекі свабоднай Краіны, то права людзей валодаць і захоўваць зброю не павіннае парушацца”.

Томас Ждеферсон оружие 300x171 З гісторыі права на валоданьне зброяй у ЗШАНатуральна, што айцы-заснавальнікі Злучаных Штатаў ня мелі на ўвазе нашую беларускую міліцыю і, тым больш, ОМОН, калі ўхвалялі такую рэдакцыю адной з ключавых нормаў Канстытуцыі сваёй краіны. Тое, што мы называем міліцыяй, ва ўсім сьвеце называецца паліцыяй. А міліцыя – гэта ўзброеныя атрады грамадзянаў, якія самі вырашылі аказаць супраціў ворагам – унутраным ці зьнешнім – сваёй краіны. Менавіта такой міліцыяй былі славутыя беларускія партызаны часоў Другой Сусьветнай вайны ці паспалітае рушаньне часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай Абоіх Народаў. І менавіта такая міліцыя (ці, калі больш падабаецца, паспалітае рушаньне) у часы Амэрыканскай рэвалюцыі і вайны за незалежнасьць у значнай ступені сталася вырашальнай сілай.

Аднак якая можа быць міліцыя ў нашыя дні, калі рэгулярнае войска валодае настолькі тэхналагічнай і дасканалай зброяй, што ніводны парамілітарны атрад ня зможа яму супрацьстаяць у адкрытым баю? Тыя часы, калі на поле боя шмат што вырашалася колькасьцю, а не тэхналёгіямі, даўна мінулі. Менавіта такі аргумант ужываюць праціўнікі права на зброю ў ЗША: яны сцьвярджаюць, што Другая Папраўка – анахранізм, бо міліцыі ў ЗША даўна не існуе, а права на зброю было абумоўлена менавіта неабходнасьцю фармаваць міліцыю. Таму, маўляў, цяпер няма неабходнасьці зброіць грамадзянаў.

У рэчышчы гэткай тэорыі пайшло заканадаўства шмат якіх т.зв. “ліберальных” штатаў, дзе права грамадзянаў на зброю або ўвогуле адмаўляецца, або значна абмяжоўваецца. Так, у штаце Ню-Ёрк чалавек, які пажадае атрымаць дазвол на зброю, мусіць давесьці, што яна яму сапраўды неабходная (напрыклад, ён адчувае пагрозу), прайсьці адпаведныя курсы, заплаціць немалую пошліну і чакаць да паўгоду і болей. Набыць ён можа толькі адну адзінку таго класу, пра які ён прасіў, і толькі ва ўказанай краме на тэрыторыі штата. Прывоз і нават проста транспартаваньне зброі праз тэрыторыю штата забароненае і караецца вялікім тэрмінам зьняволеньня. Такое самае заканадаўства ў свой час ухвалілі ў штаце Ільлінойс. А ўлады горада Вашынгтон (акруга Калюмбія) пайшлі яшчэ далей: у гэтым горадзе забаронена было валодаць і захоўваць зброю ўсім, апроч тым, хто атрымаў яе ў спадку да 1975 году, а таксама дзеючых і адстаўных афіцэраў паліцыі і сьпецслужбаў. Але нават тыя, каму было дазволена мець зброю, павінныя былі трымаць яе разладаванай, а лепш увогуле разабранай.

На супрацьлеглым баку знаходзяцца т.зв. “кансэрватыўныя” штаты, сканцэнтраваныя пераважна на Сярэднім Захадзе. Напрыклад, заканадаўства штата Каларада дазваляе любому чалавеку – апроч тых, каму права валоданьня зброяй абмежаванае – набыць любую адзінку любой зброі ў любой краме, або прывезьці яе з тэрыторыі іншага штату. Тэарэтычна гэта можа быць нават гранатамёт ці гармата. А аўтаматы Калашнікава свабодна выстаўляюцца ў крамах (у тым ліку ў супэрмаркетах побач з прадуктамі харчаваньня і побытавай хіміяй) і на выставах-продажах зброі, якія праводзяцца ў гэтым штаце рэгулярна. Вы можаце свабодна гуляць па вуліцы з зараджаным рэвальверам на поясе, як за часоў каўбояў, і вам ніхто нічога ня можа сказаць. Уладам штату забаронена нават рэгістраваць ці весьці нейкі ўліковы каталог наяўнай на руках зброі. Адзінае невялікае абмежаваньне – гэта права на схаванае нашэньне зброі. Каб атрымаць такое права, трэба зьвярнуцца ў офіс шэрыфа па вашым месцы жыхарства і, заплаціўшы невялікую пошліну, атрымаць пісьмовы дазвол. Таксама нельга вазіць у салоне машыны наладаваную стрэльбу ці аўтамат – але пісталет ці рэвальвер абсалютна легальна можа ляжаць у вас у бардачку ці нават на каленях. Трэніравацца ў стральбе ці паляваньні можна ўжо на адлегласьці 100 мэтраў ад публічнай дарогі ці жытла. Ці дзіва, што каларадцы актыўна карыстаюцца сваімі правамі?

Што цікава, узровень гвалту і злачыннасьці ў штатах, дзе абарот зброі нічым не абмежаваны ці абмежаваны нязначна, ніжэйшы, чым у штатах са значнымі абмежаваньнямі. Паколькі любы злачынца ведае, што ў прахожага “ў цёмным завулку, у цёмным закавулку” лёгка можа аказацца пры сабе зброя, то ён дзесяць разоў думае, перш чым спрабаваць некага абрабаваць. На шмат якіх дамах вісяць папулярныя шыльды наступнага зьместу: “Жыхары гэтага дому ўзброеныя і гатовыя абараняць сваё жыцьцё і маёмасьць”. Такія надпісы таксама адстрашваюць патэнцыяльных рабаўнікоў.

Зь іншага боку, раз на некалькі год здараюцца трагедыі кшталту той, што адбылася пару месяцаў таму ў горадзе Аўрора, штат Каларада, калі вар’ят расстраляў наведвальнікаў мясцовага кінатэатру. А пяць год таму іншы вар’ят расстраляў вучняў у мясцовай школе. Але абмежаваньне на зброю не дапамагло таксама пазьбегнуць пару дзён таму страляніны ў ажыўленым турыстычным месцы ў самым цэнтры Ню-Ёрку каля Эмпайр Стэйт Білдынгу.

Усе гэтыя аргуманты рэгулярна ўсплываюць, калі людзі з супрацьлеглымі поглядамі пачынаюць спрачацца наконт зброі.

Цікава, што паняцьце “міліцыя” і зьвязанае зь ёю права на зброю прыйшло ў ЗША яшчэ з сярэднявечнай Ангельшчыны. Па некаторых зьвестках, ужо ў VII стагоддзі ангельскія каралі патрабавалі (!) ад сваіх падданых мець у хаце зброю і ставіцца на пакліканьне свайго караля. Прычым датычыла гэта ня толькі шляхты, але і проста вольных людзей.

Кароль Генрых VIII, які правіў у Англіі ў пачатку XVI стагоддзя, забавязаў усіх бацькоў свайго каралеўства набыць сынам ва ўзросьце ад 7 да 14 год вялікі ангельскі лук і рэгулярна навучаць іх валоданьню гэтай складанай зброяй. Мужчыны ж ва ўзросьце ад 14 да 40 год павінныя былі па прызыве прыйсьці самі і прынесьці свае лукі. Дачка Генрыха VIII, вядомая каралева Эльжбета I, пастанавіла весьці ўлік “прызыўнога кантынгенту” па ўсёй краіне і захоўваць такія сьпісы. Яна ж першай ужыла слова “міліцыя”.

Пытаньне кантроля над міліцыяй сталася непасрэднай прычынай грамадзянскай вайны ў часы Ангельскай рэвалюцыі: як Парламент, так і кароль Якуб I імкнуліся прызначыць сваіх афіцэраў для камандаваньня міліцыяй, што і прывяло да першых збройных сутычак у 1642 годзе. Наступныя 20 год у Ангельшчыне кроў лілася ракой.

Сын пакаранага сьмерцю Якуба I, наступны кароль Якуб II, які быў пакліканы караляваць пасьля заканчэньня крывавай завірухі, стаў перад дылемай: ягоныя падданыя спрэс былі ўзброеныя і прайшлі суворую школу доўгай грамадзянскай вайны, а Парлямант не жадаў падпарадкоўвацца ўказам караля.

Таму адной з першых задачаў было раззбраеньне насельніцтва, якое, як высьветлілася, не жадала расставацца са зброяй. У выніку гэта прывяло да зьвяржэньня Якуба II і прыходу да ўлады Вільгельма Аранскага, які без дыскусіяў падпісаў прапанаваны яму дакумант і паабяцаў не рабіць спробаў раззбройваць людзей. Усе ягоныя наступнікі таксама прытрымліваюцца гэтага забавязальніцтва.

У той час у амэрыканскіх калёніях улада Вялікабрытаніі, занятай пераважна ўнутранымі канфліктамі і крывавай вайной, была з большага намінальнай. А суворае атачэньне – у тым ліку сутычкі зь індэйцамі ці суседзямі французамі і гішпанцамі – прымушала каланістаў трымаць порах сухім, а стрэльбы паблізу. Таму для амэрыканцаў права на зброю было неад’емным і натуральным. А любыя спробы каланіяльнай адміністрацыі ўводзіць абмежаваньне ўспрымаліся ў шыхты – у літаральным сэнсе гэтага выразу.

Таму для айцоў-заснавальнікаў Злучаных Штатаў пытаньне “ці маюць права грамадзяне на зброю” ўвогуле не стаяла: безумоўна маюць. Дыскусіі пры напісаньні Канстытуцыі ішлі навокал іншага: ці будзе Амэрыка федэратыўнай ці канфедэратыўнай дзяржавай. Таму першыя дзьве амэрыканскія партыі так і называліся: федэралісты і антыфедэралісты. Абедзьве зь іх прасоўвалі тую самую ідэю: права грамадзянаў на абарону ад гвалту з боку ўраду. Разрозьніваліся яны толькі ў дэталях.

Федэралісты лічылі, што цэнтральны ўрад мусіць мець рэальную ўладу: фармаваць войска, біць манету, кіраваць міжштатным гандлем. Антыфедэралісты лічылі, што любы цэнтральны ўрад рана ці позна пачне панявольваць сваіх грамадзянаў, таму яны імкнуліся ўзмацніць штаты. Але што да намераў уладаў штатаў у іх таксама не было сумневаў – гэта тыранія, якая рана ці позна стане адкрытай. Таму ўладу штатаў трэба таксама кантраляваць, як і ўладу цэнтральную. Лепш за ўсё з дапамогай сілы. Калі цэнтральны ўрад мае войска, то штаты павінныя мець супрацьвагу войску – міліцыю, якая складаецца з вольных грамадзянаў. Такім чынам і нарадзіўся тэкст Другой Папраўкі – каб грамадзяне мелі гарантаванае права супраціўляцца тыраніі ўраду (любога – федэральнага, штатнага ці ўраду захопнікаў) са зброяй у рукох.

Дык што ж усё ж такі першаснае: права на фармаваньне міліцыі, і таму ў людзей мусіць быць зброя, ці ўсё ж права на зброю зьяўляецца неад’емным? Мабыць, для айцоў-заснавальнікаў такой дылемы не існавала: адно і другое было ўзаемазьвязанае і безумоўнае. Але ў нашыя часы дыскусія атрымала самае прыкладное значэньне: калі міліцыі ўжо няма, то ці патрэбная зброя?

Як ня дзіўна, але ў доўгай гісторыі амэрыканскай юрыспрудэнцыі ёсьць толькі тры справы, якія непасрэдна датычаць гэтага пытаньня.

Першая справа слухалася ў часы “рузвельтаномікі” – у 1934-1939 гадах у час разгару першых у гісторыі Амэрыкі сацыялістычных эксперыментаў прэзыдэнта Рузвельта. Называлася яна “Мільлер супраць Злучаных Штатаў”, і кропку ў ёй паставіў Вярхоўны Суд ЗША ў 1939 годзе.

Урад Рузвельта пастанавіў абмежаваць права грамадзянаў на валоданьне аўтаматамі, якія ў тыя часы толькі-толькі зьяўляліся. Маўляў, гэта занадта небясьпечная зброя – краіна тады была шакаваная т.зв. “бойняй на дзень сьв.Валентына”, якая здарылася ў 1934 годзе. Таму ўрад стварыў адмысловы ворган, у якім грамадзяне мусілі рэгістраваць наяўныя на руках аўтаматы – у абмен на ўплату вялізнага падатку ў $200 (на сёньняшнія грошы гэта ня меньш за $5000). Два чалавекі – Мільлер ды Лэйтан – адмовіліся падпарадкавацца гэтаму патрабаваньню і абскардзілі дзеяньні ўраду ў суд. У выніку шматгадовай баталіі Вярхоўны Суд пастанавіў, што ўрад меў права ўсталёўваць падатак на валоданьне аўтаматамі… каб павялічыць даходы бюджэту. Абодва бакі – як прыхільнікі права на зброю, так і праціўнікі – запісалі гэткае рашэньне ў свой актыў як перамогу, бо суд не адказаў на прынцыповае пытаньне: ці маюць права грамадзяне на зброю. Прыхільнікі зброі палічылі, што маюць, а праціўнікі – што ўрад атрымаў права абмяжоўваць гэтае права праз падаткі ці іншым чынам.

Дзьве другія справы слухаліся ўжо ў нашыя дні.

Вышэй я ўзгадваў пра вельмі жорсткі закон, які дзейнічаў на тэрыторыі горада Вашынгтона. Фармальна Вашынгтон не належыць ніводнаму штату і падпарадкаваны непасрэдна федэральным уладам. Але Кангрэс дазволіў стварыць у горадзе адмысловы заканадаўчы ворган, які і прыняў гэты закон.

Некалькі жыхароў горада – пераважна акадэмічных выкладчыкаў – вырашылі падважыць канстытуцыйнасьць закону і падалі ў суд. У выніку нарадзілася прэцэдэнтная справа, якой лёс наканаваў доўгае вывучэньне на юрыдычных факультэтах цягам дзесяцігоддзяў, а можа і стагоддзяў – справа “Акруга Калюмбія супраць Гельлера”.

Спадар Гельлер зьвярнуўся да гарадзкіх уладаў з патрабаваньнем выдаць яму дазвол на пісталет і атрымаў адмову, якую абскардзіў у суд. Справа цягнулася з 2002 году, і Вярхоўны Суд паставіў у ёй кропку ў 2008 годзе. Мінімальнай большасьцю гарадзкі закон быў прызнаны неканстытуцыйным і такім, што парушае Другую Папраўку да Канстытуцыі. Што важна – Вярхоўны Суд таксама рассудзіў спрэчку вакол таго, ці зброя людзям гарантаваная сама па сабе ці толькі дзеля ўдзелу ў міліцыі. У Вашынгтоне, як федэральнай тэрыторыі, міліцыі быць ня можа – фармаваць міліцыю маюць права толькі штаты, і таму гэтае пытаньне было прынцыповым для вырашэньня справы. Паводле Вярхоўнага Суду, права на зброю зьяўляецца неад’емным правам грамадзянаў, а не перадумовай для стварэньня міліцыі. То бок зброяй людзі могуць валодаць для любога яе законнага выкарыстаньня – самаабароны, спорту ці паляваньня – а не толькі дзеля таго, каб мець з чым прыйсьці на прызыўны пункт.

Аднак гэтае рашэньне было палавінчатым. У амэрыканскім праве існуе тэорыя інкарпарацыі. Паводле гэтай тэорыі, Канстытуцыя ЗША напісаная для ўраду ЗША, а не штатаў. І толькі некаторыя яе палажэньні – паводле 14-й Папраўкі, прынятай пасьля заканчэньня Грамадзянскай вайны – абавязковыя таксама для штатаў. Сьпіс гэтых абавязковых палажэньняў вызначаецца судовымі пастановамі, і дагэтуль не было ніводнай пастановы, ці Другая Папраўка, якая забараняе ўраду (якому: толькі федэральнаму ці таксама ўраду штата?) абмяжоўваць права на зброю, абавязковая для штатаў ці толькі для федэральнага ўраду.

Спрэчка разгарэлася з новай сілай. У горадзе Вашынгтоне права на зброю было пацьверджанае, аднак штаты па-ранейшаму абмяжоўвалі яго на сваёй тэрыторыі, спасылаючыся на 10-ю Папраўку (“усё, што не належыць да ўлады федэральнай, належыць уладзе штатаў”).

Канчатковую кропку ў спрэчцы паставіла справа “МакДональд супраць горада Чыкага”, пастанову па якой Вярхоўны Суд прыняў у 2010 годзе. Паводле гэтага рашэньня, Другая Папраўка да Канстытуцыі ЗША зьяўляецца інкарпараванай для штатаў праз 14-ю Папраўку і, такім чынам, абавязковай для выкананьня ўладамі штатаў. Гэта азначае, што законы штатаў ня могуць накладаць абмежаваньняў на валоданьне зброяй звыш “разумных абмежаваньняў”.

Відаць, новая вайна будзе ісьці вакол таго, што ёсьць “разумныя абмежаваньні”. Федэральнае права гаворыць, што зброяй ня могуць валодаць пяць катэгорыяў жыхароў Амэрыкі:

непаўнагадовыя;
псіхічна хворыя;
асуджаныя за злачынствы;
звольненыя з войска бяз гонару (то бок за правіну, несумяшчальную са службай у войску ЗША);
тыя, хто адмовіўся ад грамадзянства ЗША – бо яны публічна адмовіліся ад вернасьці краіне, калі адмаўляліся ад грамадзянства, і невядома, супраць каго яны цяпер могуць павярнуць зброю.
Ці зьяўляецца разумным, напрыклад, Ню-Ёркскі закон, які накладае абавязак прадэманстраваць вострую неабходнасьць мець зброю, напрыклад, з мэтаю забесьпячэньня асабістай бясьпекі? Пытаньне спрэчнае, і адказ на яго будзе залежным ад таго, ці лічыце вы, што зброя на руках павялічвае бясьпеку грамадзтва ці наадварот стварае дадатковыя рызыкі. Айцы-заснавальнікі Амэрыкі прытрымліваліся прыкладна такіх поглядаў, як вынесены ў эпіграф погляд Ноя Вэбстэра. А што думаеце вы самі?

Юрась Зянковіч