Аб трох “нацыях” і выбарах у нашай краіне
Павал Біч

У працяг папярэдняга матэрыяла выстаўляем артыкул паважана спадара Паўла і, адначасна, нашага сталага аўтара. Дыскусійныя моманты (а яны ёсьць) будуць абмеркаваныя пасьля артыкула.
Рэдакцыя.
У наяўнасьці глыбокі раскол нашага насельніцтва ў залежнасьці ад культурных прыхільнасьцяў [у папярэднім матэрыяле гэтыя “прыхільнасьці” названы цывілізацыйнымі. – Рэд.]. Гэтыя прыхільнасьці настолькі вызначаюць стаўленьне людзей да краіны пражываньня, адзін да аднаго і сімбалаў краіны, што можна зь некаторай нацяжкай казаць аб існаваньні ў нас калі ня трох, дык, па меншай меры, двух «нацый». Агульным у гэтых «нацый» застаецца толькі псіха-эмацыйна-генетычны тып, які толькі й зьядноўвае людзей у нейкую супольнасьць, заўважаемую суседзямі й сусветнай супольнасьцю.
Першую групу складаюць людзі, якіх нельга назваць нават беларусамі. Гэта хутчэй белыя рускія. Яны лічаць, што руская культура (мастацтва і мова) лепш нашай; што рускі нацыянальны характар і звычаі зьяўляюцца ўзорнымі для нас; што ў нас з расейцамі ды ўкраінцамі агульныя карані й ёсць нейкая духоўная сувязь, якая выяўляецца ў маскоўска-рускім праваслаўі; яны ня ведаюць, ці, дакладней, ня хочуць ведаць, што нашыя продкі стагоддзямі ваявалі з расейцамі, адстойваючы сваю Незалежнасць; яны вераць, што мы калісьці былі заваяваныя ці то летувісамі, ці то палякам; яны лічаць наш народ маленькім, нягледзячы на тое, што 75% народаў зямнога шара па колькасьці менш за нас; яны паглынаюць некрытычнага і без разбору ўсю інфармацыю, якая льецца на нас з расейскіх крыніц – гастралёры, друкаваныя СМІ, ТБ і г.д.
Гэта зрусіфікаваная, амаль цалкам асіміляваная і каланізаваная частка нашага насельніцтва. Наш прэзідэнт, яго асяродак і цяперашняя ўлада з гэтай часткі насельніцтва. Масква, седзячы ў іх мазгах, дазваляе ім толькі патаргавацца аб коштах на яйкі, нафту, газ і г.д., а прэзідэнту – яшчэ да таго ж крыху дробна пасвавольнічать – не прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію, прытуліць Бакіева і г.д. Гэтая ўлада беленькіх рускіх ня здольная супрацьстаяць напору магутнага суседа і паступова аддае ў рукі расейцаў усе самыя смачныя кавалачкі нашай эканомікі – заводы, нафта-газаправоды ды іншае. Наша Незалежнасць для іх гэта ўсяго толькі гарантыя захаваньня імі іх высокага становішча ў грамадстве. Узгадаем, што А. Лукашэнка стаў цаніць Незалежнасьць толькі пасля таго, як разьвітаўся з марай заняць Крэмль. Наша ўлада спрабуе пераймаць метады кіраўніцтва расейскіх уладаў. Адсюль грэблівае стаўленьне да жыцця і годнасьці чалавека, да правоў грамадзян, цяга да пампезнасьці, жорсткасьць карных службаў, здушваньне свабоднай прэсы і г.д. Для гэтай шматлікай групы насельніцтва наш прэзідэнт і яго ўлада ёсьць СВАЕ і яны будуць іх падтрымліваць, галасаваць за іх, нягледзячы ні на якое пагаршэньне іх матэрыяльнага і/або прававога становішча. Цалкам натуральна, што іх улада душыць у нас беларускую культуру.
Другая група насельніцтва гэта дэмакраты. Ім ужо ня ўсё падабаецца ў Расеі. Імі не прымаецца ў ёй эканамічны і прававы хаос, самаўпраўства ўладаў, карупцыя чыноўнікаў, бяспраўе насельніцтва, адсутнасьць свабодных СМІ, варожасьць да Захаду і многае што іншае. Іх можна назваць сапраўднымі беларусамі. Бо, пасьля таго, як наша літвіна-русінская культура ў ХVI-ХVII стагоддзях была амаль задушаны польскай культурай, і пасьля таго, як у сярэдзіне ХІХ стагоддзя нас перайменавалі зь літвінаў у беларусаў і гвалтоўна навязалі нам рускую культуру, нацыянальнае нашым народам стала ўспрымацца як неістотнае. І гэта, як адзначаюць усе навакол, зьяўляецца самай характэрнай рысай нашага народа. Прыгадаем, што да 1917 г. у нас мелі вагу толькі левыя партыі сацыялістычнага толку, і што ў пьесе Я. Купалы «Тутэйшыя» навукоўцы з падзорнай трубой шукаюць на вуліцах Менска сапраудных беларусаў і… ня могуць знайсьці.
Дэмакраты сьветаглядна зьяўляюцца, як правіла, матэрыялістамі. Яны вось ужо гадоў 15 чакаюць эканамічнага крызісу, які па іх паняцьцях павінен вывесьці людзей на вуліцы і прывесьці да змены рэжыму. Тое, што на вуліцы ня толькі не выходзяць працаўнікі, але й інтэлігенцыя перастае наведваць мерапрыемствы апазіцыі, іх ніяк не бянтэжыць. Іх не бянтэжыць таксама безвыніковасьць ўсіх Выбараў пасля 1994 года. Яны па сваіх поглядах зьяўляюцца да таго ж і Асьветнікамі ўзору ХVIII стагоддзя зь іх верай у сілу сказанага і асабліва напісанага, і таму не разумеюць, што ёсьць «тысячы» спосабаў абысьці любы самы дасканалы Закон, у тым ліку і закон аб Выбарах. Напрыклад, калі на маючых адбыцца выбарах будзе некалькі кандыдатаў ад апазіцыі, то ўлады адменяць папярэдняе галасаваньне (за што змагаецца апазыцыя) як непатрэбнае, бо кандыдаты ад апазіцыі самі «ўкрадуць» галасы адзін у аднаго ў першым туры, а ў другім туры вынікі галасавання будуць сфальшаваныя. Апазіцыя можа быць дапушчаная ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў (за што таксама яна змагаецца); яна можа зафіксаваць чамаданы скаргаў на парушэнне Закона і падтасоўкі, можа бегаць зь імі па замежных амбасадам, дзе іх скаргі ня будуць браць (а потым іх адвязуць каму-небудзь з апазіцыянераў на лецішча, дзе яны і згніюць, як гэта ўжо было раней).
А. Лукашэнка ўжо правяраў рэакцыю сусветнай грамадскасьці на сваю заяву аб тым, што вынікі Выбараў 2006 г. ён сфальшаваў. Улады краін з рэжымам падобным рэжыму Лукашэнкі прызналі гэтыя Выбары, астатнія – пакінулі гэтую Заяву без каментароў. Праверана ў 2006 г. неэфектыўнасьць малалікасьці Майдана. Улады, магчыма, ўлічаць таксама, што Выбары трэба прызначаць на найбольш халодны час зімы, каб большая колькасць удзельнікаў магчымага Майдана схапілі запаленьне лёгкіх. Сілавым структурам трэба будзе толькі прадумаць, дзе, каля якіх дзьвярэй і якіх сталоў, і ў якой колькасьці паставіць АМАП, каб не падпускаць да іх «правапарушальнікаў». Уладам трэба будзе толькі добра прадумаць, якую лічбу напісаць А. Лукашэнку, каб яго не зняважыць і не пасеяць сумнеў у першай групы – г.зн. яго прыхільнікаў, і якую лічбу напісаць кандыдату ад апазіцыі, каб не адбіць дэмакратам жаданьне ўдзельнічаць у «выбарах» і далей. У адрозненьне ад мінулых Выбараў, уладаў асабліва ня будзе хваляваць, якія малюнкі ад незалежных і залежных СМІ пойдуць у тэлеэфір. На фоне тэрактаў, землятрусаў, вулканаў, вулічных войнаў, падзеньняў самалётаў і г.д. «падзеі» зь Беларусі нікога асабліва не ўсхвалююць. Ну, дадуць дзе-небудзь у Брусэлі па 10 хвілін на выступы-скаргі Лябедзьку ці Мілінкевічу… Дык усё, што яны там скажуць, было сказана ўжо і пяць, і дзесяць, і 15 гадоў таму!
Дэмакраты не маюць імунітэту супраць рускага мастацтва, лічаць яго нейтральным у барацьбе за заходнія, еўрапейскія каштоўнасьці. А гэта ня так. Расейскае мастацтва магутна агітуе за расейскі лад жыцьця, сцьвярджае непазбежнасьць хаосу, бяспраўе, апалітычнасьць, нікчэмнасьць чалавека. Гэта ўсё процілеглае таму, што зьяўляецца каштоўнасьцямі Захаду, за якія дэмакраты змагаюцца. Змагацца за правы, дэмакратыю і адначасна не чапаць рускую культуру – гэта ўсё роўна, што аднекуль вычэрпвалі ваду сітам. Састарацца Лукашэнка зь Ярмошынай, на іх месца з рускіх садкоў, школ ды інстытутаў прыйдуць новыя.
Вельмі многія дэмакраты згодныя з прынцыпам, што «грошы не пахнуць» – г.зн., што палітыка другасныя ад эканомікі. Дэмакратам можа быць і непрыкметны мужычок у калгасе, і эканаміст прафесіянал-апазіцыянер. Апошнія заўсёды знаходзяць апраўданьне здачы рэшткаў нашага і без таго кволага суверэнітэту, бо ён у рублях не вылічаецца, і, такім чынам, разуменьне яго ім недаступнае. Іх прагнозы (як варажбітак Белсату і «Народнай волі»), калі і зьдзяйсьняюцца, то не аказваюць ніякага ўплыву ні на народ, ні на уладаў. Але іх большую шкода ў іншым. Грошы заўсёды мелі пах. А пры глабалізацыі, зь яе міжнародным пераразьмеркаваньнем працы, яны запахнуць хутка яшчэ мацней. Слабым народам будзе ськінута зь іншых краін самая брудная, нецікавая, цяжкая праца – перапрацоўка адкідаў, бруду, шкодныя вытворчасьці, абслугоўваньне могільнікаў, скатабоен, вырошчваньне забруджаных прадуктаў, вытворчасьць нізкагатунковага мяса і г.д. Слабым нацыям трэба будзе выбіраць – альбо брацца за такую працу, альбо разьбягацца па сьвеце ў пошуках лепшага жыцьця і тым самым вызваляць сваю тэрыторыю прадстаўнікам яшчэ больш слабых нацыяў з краін Азіі ды Афрыкі, якія будуць гатовыя ўзяцца за любую працу. Зададзім нашым эканамістам простае пытаньне: вы за тое, каб вашыя дзеці працавалі на такіх працах і атрымлівалі па 1000 даляраў, ці за тое, каб яны працавалі на чыстых, цікавых і творчых працах, атрымваючы па 900 даляраў?
Да дэмакратаў можна аднесьці тых дзеячаў «нашай» культуры, якія шастаюць па ўсім Сьвеце, але ў асноўным паміж нашай краінай і Расеяй, у пошуках лепшай долі. Праўда, у іх апраўданьне можна сказаць, што ім пастаўлена ўмова: ці застацца нерэалізаваным у Беларусі, або выязджаць на працу за мяжу, лепш – у Расею.
Паміж палітыкай і ваеннай справай шмат агульнага, у іх вельмі блізкая терміналогія. У палітыцы цяпер масавыя «забойства» – гэта сыход людзей з палітыкі ў прыватнае жыцьцё. Нашы дэмакратычныя генералы-апазіцыянеры бесьперапынна, нягледзячы на вялікія страты (адыход людзей з палітыкі), лезуць штурмаваць непрыступную крэпасьць (Выбары новай Улады). Гэта вытлумачальна – палітыка іх прафесія. Але для звычайных людзей Выбары – гэта страта часу, часта страта працы і шмат іншых непрыемнасцяў. Звычайным людзям патрэбная перамога, а не ўдзел. А, можа, даць свайму войску на час іншую працу, адвесьці яго на перефармаваньне, папаўненьне, і, галоўнае, для складаньня новага плана штурму крэпасьці, каб потым (прапусьціўшы адні Прэзідэнцкія выбары) на наступных выбарах усё ж такі захапіць Крэпасць-Уладу? Што за нецярплівасьць? Генералы баяцца застацца бяз справы? Любяць абяцаць на мітынгах народу павагу, вялікія зарплаты і танныя “чарку са шкваркай”, калі яны за іх прагаласуюць? Любяць хадзіць па кватэрах і сустракацца з людзьмі? А, можа, для палітыкаў любоў да Выбарам – гэта добра замаскаванае чыстаплюйства?
Існуюць розныя варыянты ўзяцьця «крэпасьцяў».
Галоўнае, выбраць найбольш прыдатны. Нашы маладыя дэмакраты-апазіцыянеры зьездзілі за новымі тэхналогіямі захопу ўлады, за перайманьнем досьведу ў Польшчу, Сербію… Нічога не спрацавала. А таму, што гэтыя краіны на момант вызваленьня ад дыктатураў былі нацыянальна Незалежнымі, з адпаведным менталітэтам у насельніцтва. Мы ж – калонія з зусім іншым сьветаглядам насельніцтва. Панаваньне беленькія рускіх у нас ёсьць панаваньнем Расеі. З. Пазьняк назваў гэта ўнутранай акупацыяй. Нашым палітыкам трэба зьвярнуцца да досьведу нацыянальна-вызвольных рухаў. Калі такі знойдзецца. Бо краіны Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы атрымлівалі гэты досьвед 100-150 гадоў таму, і ён, падобна, састарэў (цяпер каляніяльнае панаваньне падтрымліваецца праз культуру). Бліжэй па часе нам досьвед каляніяльных войнаў народаў з краін Азіі ды Афрыкі. Нягледзячы на розны колер скуры, псіхічны стан людзей і грамадства там (да часу ськідваньня іншаземнага ярма) і ў нас цяпер вельмі падобныя сітуацыі. Гэта – пасіўнасьць, нявер’е ва ўласныя сілы, грэбаваньне ўласнай культурай, карупцыя, прадажнасьць, хлусьня ва ўсім і да т.п. Адзінае адрозненьне – там апазыцыя была нацыянальнай, разумела, што супраць яе народа вядзецца халодная вайна, а ў нас яна “дэмакратычная” і вядзе сябе як у нейкай «Бельгіі» ці «Галандыі», дзе змагаецца за галасы выбаршчыкаў.
І, нарэшце, трэцяй групай у нас зьяўляюцца нацыяналісты. Яны, як К. Каліноўскі ў сваіх «Лістах з-пад шыбенiцы», выдатна разумеюць «што пакуль яна, гэта няволя маскоуская ў нас будзе, у нас нiчога ня будзе…». Яны разумеюць, што дэмакратыя можа вырасьці толькі з нацыянальнай культуры. У краінах-калоніях яе ня можа быць па азначэньні. Спачатку Нацыянальная Незалежнасьць і разьняволеная свядомасьці народа, а потым усё астатняе. У тым ліку і Дэмакратыя.
У 1990-я гады партыяй нацыяналістаў у нас была партыя БНФ, але потым яна стала дэмакратычнай, адлюстроўваючай інтарэсы другой групы насельніцтва – г.зн. той, якая ставіць нацыянальнае на другі план. Цяпер яна змагаецца за эканамічныя інтарэсы працоўных. Усё гэта, як вядома, не спрацавала. Бачачы гэта, ад БНФ адкалоліся розныя моладзевыя групы, якія спрабуюць прыдумаць нешта новенькае. Найбольш шматлікая зь іх – гэта БХД. У ёй замест Нацыянальнага вырашылі паспрабаваць Бога. Дакладней, там спрабуюць зьліць у адно – Нацыянальнае і Бога. Але адных крыкаў – «Беларусь-Бог», «Бог-Беларусь» і закліку прытрымлівацца Божых запаведзяў будзе, верагодна, недастаткова. Напрыклад, калі Бог РПЦ адкрыта працуе на расейскі імперыялізм (выкарыстоўваючы, напрыклад, вядомы выраз аб тым, што для Бога няма адрозненьняў паміж юдэяў, грэкам і варварам, расейцы абгрунтоўваюць свае прэтэнзіі панаваць у нас і ва Ўкраіне), то што можна ім супрацьпаставіць акрамя адкрытага НАШАГА нацыяналізму?
Нацыяналісты шукаюць і знаходзяць прычыны цяперашняга становішча нашага народа ў гісторыі, і ў прыватнасці ў ХІХ стагоддзі, калі нас перайменавалі з літвінаў у беларусаў. Беларускасьць шырока адкрыла браму для нашай русіфікацыі й асіміляцыі. Назва “Беларусь” было задумана як каляніяльнай праект па зьнішчэньні назвы Літва і як прамежкавая прыступка ў нашай поўнай асіміляцыі. Гэты праект працуе. Не выпадкова нашы ўлады на ўсіх людных месцах вывешваюць транспаранты «Мы беларусы» і «Я – Беларусь»… і пры гэтым зачыняюць беларускія школы, паўтараюць у падручніках маскоўскія казкі пра нас і нашу гісторыю.
Новыя нацыяналісты адмаўляюцца лічыць сябе беларусамі. Адны выступаюць за назву Літва (і адпаведна – за саманазву літвіны/ліцьвіны і літвінкі); іншыя, улічваючы, што назва Літва ў нас перахапілі жамойты, і што ядром ВКЛ былі нашы землі і наш народ, прапануюць узяць назву Вэкээл (ВКЛ без расшыфроўкі) (і адпаведна – вэкээлы і вэкээлкі); трэція – выступаюць за назву Балтарусь (і адпаведна – балтарусы і балтарускі; гучыць таксама як беларус і беларуска, але затое не фальшыва, бо гэта назва добра адлюстроўвае нашу сутнасць як балцкага племені, але славянскай мовы і часткова праваслаўнага веравызнаньня). У будучыні саманазва нашай краіны можа вызначыцца на рэферэндуме. Усе былыя калоніі адмовіліся ад назваў, даных ім каланізатарамі.
Нацыяналісты за рэзкае абмежаваньне русейскай культуры і поўную забарона ілжывай расейскай гістарыяграфіі на нашай тэрыторыі, бо лічаць, што менавіта яны аднаўляюць «нацыю» беленькіх рускіх. Толькі самыя высокія ўзоры расейскай культуры, пазбаўленыя расейскага нацыяналізму і пошласьці, могуць распаўсюджвацца сярод нашага народу. Расейская культура не павінна панаваць, яна павінна мець статус замежнай.
Калі для другой групы грамадзян Беларусі наш прэзідэнт ёсць Дыктатар, то для нацыяналістаў ён Ахвяра расейскай адукацыі й расейскага выхаваньня. Нацыяналісты многае гатовыя дараваць нашаму Прэзідэнту, калі ён спыніць этнацыд нашага народа. Але беларусізацыя будзе пасьпяховай, калі будзе праводзіцца ў комплексе – мова, праўдзівая гісторыя, абмежаваньне расейскай культуры, пазбаўленьне рускай мовы статусу дзяржаўнай і г.д.
Тайна нацыяналізму – спараджаць Сілу. Ён ёсць лепшы спосаб падсьвядомаснай, узгодненай, татальнай абароны насельніцтва данай тэрыторыі ад эксплуатацыі з боку блізкіх і далёкіх суседзяў.
Павал Біч, чэрвень 2010 г.
Ад рэдакцыі.
Несумніўна, мы разьмясьцілі чарговы выдатны артыкул паважанага спадара Біча (дарэчы, кандыдата тэхнічных навук, пенсіянера), які калісьці набудзе – мы ў гэтым перакананыя – статус хрыстаматыйнага. Таму да зьместу гэтага артыкула ў нас няма і ня можа быць ніякіх істотных прэтэнзій.
Пытаньні датычаць толькі формы, а менавіта – адэкватнасьці назваў апісаных трох груп-“нацый”.
Першую групу (па класіфікацыі аўтара), назву якой аўтар не запрапанаваў, складаюць людзі, якія зьяўляюцца сьвядомымі альбо несьвядомымі агентамі ў Беларусі расейскай тэрытарыяльнай імперыякратыі. Напэўна, сярод сьвядомых прыхільнікаў расейскай імперыі большую частку (сярод нашых грамадзян) складаюць небеларусы, а сярод несьвядомых наадварот – большасьць будзе за беларусамі, кантужанымі расейскай імперскай прапагандай, якая з-за каланіяльнага беларусафобскага рэжыму Лу-кі ў нас абсалютна свабодна і татальна ўзьдзейнічае на мазгі людзей. Беларусам аб’ектыўна ня выгадна падтрымліваць расейскую імперскую ідэю. Таму тыя беларусы, якія ў адпаведнасьці з класіфікацыяй спадара Біча трапілі ў яго першую групу (у яе несьвядомую частку), гэта людзі, у якіх відаць ёсьць пэўныя праблемы зь інтэлектам.
Другую група аўтар называе “дэмакратамі”. На справе, гэта лібералы – агенты ў Беларусі заходняй фінансавай алігархіі й іншай формы імперыялізма, якую тая праводзіць – фінансавага. Так, яны любяць называць сябе “дэмакратамі”. Але ці гэта значыць, што і мы павінны іх так называць. Вось Пуцін зь Мядзьведзевым заяўляюць, што ў Расеі яны будуюць “сувярэнную дэмакратыя”, а Лу-ка, што ў Беларусі “звышдэмакратыя”. І што з таго? Няўжо і мы мусім, напрыклад, усьлед за Лу-кам казаць, што ён “звышдэмакрат”?
Дэма-кратыя ў перакладзе з грэцкай – гэта народа-уладзьдзе. Гэта палітычны рэжым у краіне, пры якім лепшыя прадстаўнікі народа, знаходзячыся ва ўладзе, імкнуцца арганізаваць свайму народу аптымальныя ўмовы для жыцьця і раскрыцьця яго гістарычнага патэнцыялу. Як жа можна лічыць раманчукоў, лібедзек й ім падобных дэмакратамі, калі яны ня толькі не вымаўляюць слоў “інтарэсы беларусаў”, а і нават слоў “беларусі народ”. Што гэта за дэмакраты такія, у якіх дэмаса няма? Аўтар, як і любы наш чытач, можа праверыць іх праграмы, планы, мэты, каб у гэтым пераканацца. Усе ўласьцівасьці лібералаў, якія паважаны спадар Павал называе (у т.л. і бессэнсоўны ўдзел у выбарчых гульнях рэжыму), тлумачацца толькі тым, што яны рыхтуюцца праводзіць у Беларусі інтарэсы заходняй фіналігархіі. І на яе ж грошы…
Як і ў першай групе, прыхільнікаў заходняга фінансавага імперыялізму можна падзяліць на сьвядомых і несьвядомых, якія будуць мець такое ж дачыненьне да этнічнага крытэра. Розьніца толькі ў тым, што тыя беларусы, якія знаходзяцца ў другой групе (па класіфікацыі аўтара) – гэта людзі, у якіх ёсьць праблемы ня столькі з розумам, колькі з сумленьнем. Бо большасьць зь іх выдатна ўсьведамляе, што ўдзельнічае ў падрыхтоўцы перадачы ўласнасьці беларускага народу ў рукі заходніх фінансавых вараціл.
Трэцюю групу спадар Біч нацывае “нацыяналістамі”. На справе ж, туды ён упісаў сапраўдных беларускі дэмакратаў (дарэчы, усе сябры рэдакцыі сябе таксама да іх залічаюць). Пакуль беларускі народ знаходзіцца ў каланіяльнай залежнасьці ад расейскай імперыякратыі, якая ўвесь час наважваецца захапіць нашу дзяржаву; пакуль нам будзе пагражаць захоп нашай уласнасьці іншымі чужынцамі (на ўзор таго, як гэта адбылося ў Расеі, Польшчы, ва Ўкраіне); пакуль улада ў Беларусі знаходзіцца ў руках расейскіх марыянетак, якія зьдзяйсьняюць этнацыд, генацыд нашага народу, дыскрымінуюць беларусаў, робяць розныя іншыя пакасьці, наш змагарны нацыяналізм супраць усёй гэтай відавочнай несправядлівасьці аб’ектыўна можна мець толькі вызвольны, пазітыўны характар. А гэта і значыць, што мы ёсьць сапраўдныя дэмакраты.
Акрамя ідэалагічнага, ёсьць і палітыны асьпект пажаданасьці пераважнага выкарыстаньня паняцьця “дэмакрат, дэмакраты” ў адносінах да прадстаўнікоў трэцяй групы. Справа ў тым, што заходнія ліберастызатары паклапаціліся пра тое, каб паняцьцё “нацыяналіст” заўсёды мела негатыўнае, ругацельнае адценьне. Дайшло да таго, што нават этнацыдчыка Лу-ку яны называюць… “нацыяналістам”.
Комментарии