Ніл Гілевіч. Выпусці студэнтачку з турмы!
Новыя вершы Народнага паэта Беларусі.
Спыталі мужчыну
Яўгену Стасевічу
Спыталі мужчыну, што доўга пажыў:
— Скажы нам: а чым ты ў жыцці даражыў,
Як Божай любоўю праўдзівай?
— Сям’ёю. Сябрамі. Радзімай.
— Што першай апорай было для цябе,
Калі апынаўся ты ў смутку-журбе
І скруха душу халадзіла?
— Сям’я. І сябры. І Радзіма.
— А што і каго ты тады ўспамінаў,
Калі непаўторна штораз пражываў
Святлістага шчасця гадзіну?
— Сям’ю. І сяброў. І Радзіму.
— Каму ты, утомлены шляхам зямным,
Апошні паклон аддасі — перад тым,
Як Бог да сябе цябе прыме?
— Сям’і. І сябрам. І Радзіме.
31.Х.2010
Ну што, беларусы?
Адна вучанічка на ўвесь Магілёў
Просіць душу ўратаваць ад загубы
Роднаю мовай… Ды пан з халуёў
Крывіць ва ўхмылцы пагардлівай губы.
Адно — на Гародню на ўсю — дзеўчанё
Просіць душу ўратаваць ад загубы
Роднаю мовай… Але чынаўё —
Ні вухам, ні духам! «Не мецьмем рахубы!»
Ну што, беларусы? Дайшлі-дажылі?
Думаем: Бог нам паможа прамілы?
І на святой нашай роднай зямлі
Долю і волю дадуць нам грамілы?
Ці дзвюх вучанічак да мовы любоў
Не дасць нам усім абярнуцца ў рабоў?
2010, лістапад
Натуральнае законнае жаданне
З ліста адной вельмі далёкай ад палітыкі беларускай жанчыны
Паночкі!
Даруйце! Я — простая баба
І ў справах дзяржаўных кумекаю слаба,
А можна сказаць: і зусім не кумекаю, —
Ну гэткаю вырасла ў Бога няўмекаю.
Мне добра жывецца, і есца, і п’ецца,
І муж не дае мне адстаўку, здаецца,
І любяць суседзі, і цэняць на працы,
І дзеткі — усе пры дай Божа зарплаце…
Адно мне нялюба: чаму ў тэлевізары
Блішчыць і блішчыць гэны чэрап залізаны?
Няўжо ў нас няма, каб і гэткі ж быў бравы
І гэткі ж разумны, але — кучаравы?
18.Х.2010
Як мала…
Як мала
за мову зямлі беларускай
пакутнікаў!
Як многа
ахвочых па ёй патаптацца
паскуднікаў!
Як мала
за нашу душу беларускую
ратнікаў!
Як многа
ад гэтай душы адшчапенцаў
і здраднікаў!
2010, лістапад
Ведаючы…
Ведаючы, у якім ты чыне
І што род твой звеку не дурны,
Раю як салдату і мужчыне:
Выпусці студэнтачку з турмы!
Хіба ж гэткіх бэсцяць нізавошта?
Асыпаюць лаянкай брыдкой?
Гэткіх трэба ружамі на плошчы
Асыпаць з любоўю трапяткой!
25.ХII.2010
***
Адкуль яны толькі бяруцца —
Цынічныя, жорсткія, прагныя,
І хрысцяць сябе Беларуссю,
Як самыя ў свеце сапраўдныя?
І пруцца, і пнуцца, і лезуць —
У кожную залу трыбунную…
О дзе ты, заступнік наш Езус?
Ці бачыш ты дзейнасць іх бурную?
11.ХII.2010
Эпілог
да збору твораў у 23 тамах
Ну, вось і ўсё! «На гэта звалі».
Што меў зрабіць — зрабіў як мог.
Ці ўсё па-боску, па прызванні?
Пра гэта знае толькі Бог.
31.ХII.2010
Комментарии
А какая боль душевная между строк.
Думаем: Бог нам паможа прамілы?
І на святой нашай роднай зямлі
Долю і волю дадуць нам грамілы?
Ці дзвюх вучанічак да мовы любоў
Не дасць нам усім абярнуцца ў рабоў?"
Нi дадаць, нi зьменшыць!
Насамрэч - Народны Паэт Беларуси!
Комментарий удален модератором