Сумар хоча помнік Лукашэнку

На модерации Отложенный

Кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар прапанаваў Лукашэнку помнік пры жыцці “за праграму адраджэння вёскі”. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі рэгіянальным СМІ.

Змест адказаў Канстанціна Сумара размясціла на сваім сайце газета «Вячэрні Брэст».

Збольшага яны датычылі пытанняў развіцця вобласці і асабіста Сумара. Аднак не абышлося і без чарговых адыёзных выказванняў.

У прыватнасці, кіраўнік Берасцейшчыны наступным чынам ахарактарызаваў выбары прэзідэнта Беларусі:

«У Брэсцкай вобласці былі створаны ўсе ўмовы для таго, каб выбарчая кампанія праходзіла адкрыта. І нават часам заплюшчвалі вочы на фальсіфікацыю подпісаў з боку ініцыятыўных груп некаторых кандыдатаў. Але, на мой погляд, не было годнай альтэрнатывы дзейснаму прэзідэнту.

Тое, што ён пераможа, і пераможа з адчувальным перавагай, было зразумела ўжо з самага пачатку. Дый маніторынгі грамадскай думкі паказвалі, што большасць грамадзян давярае уладам. А за праграму адраджэння вёскі, я лічу, Лукашэнку трэба паставіць помнік пры жыцці».

Спадар Сумар не ўпершыню так гучна падхвальвае Лукашэнка. Гэта ж яму належала знакаміты сказ: «Вы чуть-чуть выше Бога». Раней ён ужо неаднаразова выказваў захапленне пабудовай аграгарадкоў, а аднойчы заявіў, што правядзенне «Дажынак» дае новы імпульс для росквіту невялікіх гарадоў.

Рэакцыі Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы на прапанову Канстанціна Сумара пакуль не было.