Улыбнитесь

Апраніце i… усмiхніцеся
27.11.2013

У сталiчным ГУМе прадаецца футболка з зухаватым надпiсам: «Выхоўваю дачку, i таму саджаць дрэва i будаваць дом не бачу сэнсу». Мужчына, якi гэтую цiкавостку заўважыў i распавёў пра яе ў рэдакцыi, быў сапраўды ўзрушаны:

1385527986855_1

— Калi чытаем такi надпiс, можна да чаго заўгодна дадумацца! — разважаў ён, маючы на ўвазе шматсэнсоўнасць фразы.

Хто гэты чалавек, што апране на сябе вышэйзгаданую футболку i з якой мэтай ён гэта зробiць? Маладым, можа, i блiзкi такi гумар, а людзi сталага веку будуць мець поўнае права ўпiкнуць новае пакаленне ў легкадумнасцi. Карэспандэнт «Звязды» звярнуўся да вытворцы футболкi, у адкрытае акцыянернае таварыства «8 Сакавiка»…

Як расказала начальнiк аддзела маркетынгу Святлана Дмiтрычэнка, з пачатку жнiўня прадпрыемства пачало выпускаць серыю мужчынскiх футболак з гумарыстычнымi надпiсамi. У месяц шыецца каля тысячы адзiнак такой прадукцыi.

— У асноўным мы арыентавалiся на пакупнiкоў узростам прыкладна ад 20 да 35 гадоў.

I ў моладзi, дарэчы, «гумарыстычная» прадукцыя карыстаецца вялiкiм попытам.Таксама, магчыма, футболка з жартаўлiвым надпiсам можа набывацца ў якасцi сувенiра, — распавяла Святлана Дмiтрычэнка.

1385527989263_2

На прадпрыемстве вельмi здзiвiлiся, што надпiс пра дачку выклiкаў не надта добрую рэакцыю, i патлумачылi: маўляў, перш-наперш мелi на ўвазе свабоду ўладальнiка футболкi ад жыццёвых стэрэатыпаў. Гэта можна, па iх словах, сфармуляваць наступным чынам: «Я не адпавядаю нiводнаму пункту са старога пастулата пра сына, дом i дрэва, але ўсё роўна шчаслiвы».

На астатнiх футболках з гэтай серыi можна прачытаць такiя надпiсы: «Студэнт заўжды мае рацыю», «Абанент часова недаступны», «Жыву па сваiх правiлах», «Хачу шмат грошай. Працу не прапаноўваць» i iнш. Слоганы гэтыя ААТ «пазычылi» з iнтэрнэту, на прасторах якога прадаецца шмат «падпiсаных» футболак.

Па словах Святланы Дмiтрычэнкi, многiя пакупнiкi былi прыемна ўражаны, што такiя рэчы выпускае беларускае прадпрыемства.

Ганна ГАРУСТОВIЧ.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.