Мінск: жывы музей сацыялізму

Стало модным публиковать взгляды на Беларусь со стороны иностранцев. Вот ещё один взгляд :


Image 75315

Беларусь вачамі замежнага журналіста.

Насамрэч, горад Мінск наведвае невялікая колькасць турыстаў, але тым, хто гэта робіць, ён падаецца даволі цікавым: застыглыя ў часе, велічныя і нават у нечым міфічныя вуліцы беларускай сталіцы з’яўляюцца жывым музеем.

Захапленне выклікае ў турыстаў той факт, што тое, што яны тут бачаць - унікальнае ў сваім родзе, бо ў кожным будынку адлюстраваны савецкі час і дух той далёкай эпохі. Гэта становіцца відавочным, калі назіраеш за творамі класічнай сацыялістычнай архітэктуры – яны нібы шэптам нагадваюць, што эпоха ўсё яшчэ працягваецца: як у кіраванні краінай, так і ў будынках, нават у паводзінах людзей.

На галоўнай вуліцы Мінска, праспекце Незалежнасці, спалучаюцца розныя архітэктурныя стылі, каталіцкія і праваслаўныя храмы суіснуюць з праявамі атэізму, які гаспадарыў тут у савецкі час.

І хаця еўрапейская архітэктура горада была знішчана рускімі, адзін з раёнаў, працягласцю ў тры кіламетры, усё ж ацалеў. Мясцовыя жыхары патлумачылі мне, што рускія казалі так: «Гісторыя пачынаецца ад стварэння Савецкага Саюза», таму ў Мінску было разбурана ўсё, што было да гэтага.

На плошчы Перамогі ўсё яшчэ гарыць Вечны агонь. З 90-х гадоў Беларусь з'яўляецца незалежнай дзяржавай, але мала што змянілася для беларусаў з часоў СССР, калі ў Беларусі перасталі размаўляць на беларускай мове.

Паводле дадзеных апошняга перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў 2009 годзе, пяць з дзевяць мільёнаў чалавек лічаць роднай мовай беларускую, аднак, насамрэч, толькі меншасць карыстаецца ёю, бо органы ўлады, тэлебачанне і нават фільмы – усё гэта на рускай мове.

Дабрацца да Мінска не надта проста. Улады ўвялі візы коштам 40 еўра ўсяго на 15 дзён з абавязковым пісьмовым запрашэннем. Акрамя таго, нормы бяспекі і кантролю, якія дзейнічаюць у краіне, патрабуюць, каб турысты праходзілі праз пэўную працэдуру рэгістрацыі ў раёне, дзе будуць жыць падчас знаходжання ў сталіцы.

Я зразумела, што, пэўна, з'яўляюся адной з нешматлікіх замежнікаў, хто трапіў сюды, падчас праверкі майго пашпарта. Улады сцвярджаюць, што Мінск наведваюць у асноўным рускія, украінцы, немцы і амерыканцы, і нават прыводзяць лічбу ў тры мільёны чалавек, якія наведалі сталіцу за апошнія шэсць месяцаў. Аднак, не спрабуючы абвергнуць дадзеныя афіцыйнай статыстыкі, я змагла палічыць на пальцах адной рукі колькасць рэальных турыстаў, якіх тут пабачыла.

Супрацоўнікі музея Вялікай Айчыннай вайны расказваюць, што гісторыя не была літасцівай да беларусаў, і што падчас Другой сусветнай вайны нацысты забілі кожнага трэцяга беларуса, а сам Мінск быў разбураны на 85 працэнтаў; потым амаль 50 год тут існаваў камунізм, ды і цяпер усё няпроста. Беларусь з'яўляецца чырвонай плямай на блакітнай мапе Еўропы, адсталай, недынамічнай і нават застойнай краінай. Тым не менш, замежныя турысты прыязджаюць сюды, каб самастойна даведацца, як жылі людзі ва ўмовах халоднай вайны, водгукі якой усё яшчэ чуваць тут.