Вiльня. Кастрычнiк. Канцэрт не Iрыны Дарафеевай

27 кастрыніка ў Pramogu Arena, што ў Вільні, з’ехалася больш за пяць тысяч беларусаў. Усе хацелі пачуць новы альбом “Рабкор” забароненага ў Беларусі гурта “Ляпіс Трубяцкі”. Амаль дзве з паловай гадзіны легендарны беларускі гурт выконваў новыя і старыя песні, у перапынках паміж якімі вялікі натоўп скандаваў “Жыве Беларусь!” Сяргей Міхалок адказваў: “Жыве!”

“Ды вы што! Гэта цэлая трагедыя – не трапіць сюды!” – кажа хлопец у саколцы з надпісам “Хто ты гэткі? Свой, тутэйшы! Чаго хочаш? Долі лепшай!”, загорнуты ў бел-чырвона-белы сцяг. Сярод наведнікаў канцэрту былі заўважаныя як зусім малыя дзеткі з бацькамі, так і людзі сталага веку.

“Ляпісы” выйшлі на сцэну ў 20:45, выклікаўшы сваім з’яўленнем вялікі ажыятаж. Як заўжды драйвова гурт выканаў амаль усе песні з новага альбома “Рабкор”, а таксама свае найлепшыя кампазіцыі з папярэдніх кружэлак. Амаль усе кампазіцыі тут жа падхопліваліся ўдзячнай публікай.

Пасля хіта апошніх гадоў “Я веру” Сяргей Міхалок першы раз звярнуўся наўпрост да людзей: “Нарэшце мікрафон у руках перастаў дрыжэць, як на першых песнях, мы справіліся з хваляваннем. Сёння насамрэч вельмі асаблівы дзень. Дзякуй гасціннай Вільні, што прыняла ўсіх нас! Атрыміваецца інтэрнацыянальны, па-сапраўднаму сяброўскі канцэрт, гэта нейкі такі моцны біямеханізм!

Мы прыехалі сюды да вас з мірам! Я вельмі рады бачыць вялікую колькасць родных бел-чырвона-белых сцягоў.

Нягледзячы на ўсе абставіны, мы гатовыя сваволіць, весяліцца і радавацца жыццю! Яны, гэтыя кабінетныя сволачы, чакаюць, што мы будзем сумнымі, хочуць, каб мы былі самотнымі, каб перабягалі з аднаго кута ў іншы, схіліўшы галовы. Але яны не дачакаюцца! Мы радуемся жыццю, мы пішам новыя песні! У нас цячэ жывая кроў, і мы можам быць сапраўднымі дзікімі звярамі! Вядома, што калі дзікага звера саджаюць у клетку, ён будзе абараняцца. Калі спатрэбіцца, мы гатовыя абараняць кожны сантыметр асабістай свабоды! У нас ёсць стальныя аргументы!” .

Пасля больш чым дзьвюхгадзіннага драйву, выйшаўшы на біс адзін раз, Сяргей Міхалок падбадзёрыў беларусаў на развітанне: “Мы павінныя штодзень радавацца жыццю, распальваючы ў сабе свяшчэнны агонь. Верце ў сваю мару, верце ў сябе і пачасцей падключайце мозг!”

Таксама Міхалок зазначыў, што ён верыць у тое, што аднойчы гурт прыедзе з канцэртамі ў родны Мінск, будзе ездзіць па ўсёй Беларусі.

Віленскі канцэрт – адна з чатырох “ключавых” прэзентацый апошняга альбома гурта “Рабкор”. Папярэднія ўжо адбыліся ў Піцеры, Маскве і Кіеве.

Канцэрт быў зладжаны пры падтрымцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Читать полностью:http://naviny.by/rubrics/culture/2012/10/28/ic_articles_117_179710/