Віцебскі аблвыканкам накіраваў апазіцыянера да псіхіятра

 

 

26-05-2012

Радыё Рацыя

 

Працягваецца ціск на кіраўніка віцебскага аддзялення Беларускай кансерватыўнай партыі "Белая Русь" Аляксандра Кірылава.

 

Раней яму было адмоўлена ў статусе беспрацоўнага, а цяпер высылаюць на прымусовае псіхіятрычнае абследаванне.

 

Як распавёў старшыня ствараемай партыі Сяргей Рыжоў, гэта робіцца па загаду мясцовага аблвыканкама:

 

- Яго ў панядзелак выклікаюць. Прыйшоў ліст за подпісам намесніцы псіханеўралагічнага дыспансера Нікіфаравай, аб тым, што ён абавязаны туды з’явіцца. У лісце адзначаецца, што ўсё гэта згодна з рашэннем Віцебскага аблвыканкама. То бок Віцебскі аблвыканкам афіцыйна звярнуўся ў абласную службу, якая падпарадкоўваецца “аблздраву” і непасрэдна аблвыканкаму.

Для таго, каб яны правялі псіхічнае абследаванне Кірылава, і што мяне найбольш насцярожвае, аказалі неабходную медычную дапамогу.

 

Па словах Сяргея Рыжова пераслед Аляксандра Кірылава пачаўся, яшчэ ў 2010 годзе, калі ён выклаў на сайце расійскай радыёстанцыі "Эхо Москвы" зафіксаваныя выпадкі парушэння заканадаўства падчас прэзідэнцкіх выбараў. Падчас гэтых выбараў Аляксандр Кірылаў быў назіральнікам. Апошнія рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да віцебскага актывіста ўзмацніліся пасля таго, як ён у красавіку падаў у гарвыканкам заяву на правядзенне пікетаў, з патрабаваннем дэмакратычных зменаў у Беларусі і адстаўкі Лукашэнкі.

 

Анна Шайкоўская, Радыё Рацыя.

 

http://new.racyja.com/news/vitsebski-ablvykankam-nakiravau-apazitsyyanera-da-psikhiyatra#comment-4778