Янка Купала, 15 мая 1905 года быў надрукаваны першы верш пісьменніка на беларускай мове.

На модерации Отложенный

Што я мужык, усе тут знаюць,

I, як ёсьць гэты сьвет вялік,

Зь мяне сьмяюцца, пагарджаюць, –

     Бо я мужык, дурны мужык.


Чытаць, пісаць я не умею,

Ня ходзіць гладка мой язык,

Бо толькі вечна ару, сею, –

     Бо я мужык, дурны мужык.


Бо з працы хлеб свой здабываю,

Бо зношу лаянку і крык,

I сьвята рэдка калі знаю, –

     Бо я мужык, дурны мужык.


Галеюць дзеці век бяз хлеба,

Падзёрты жончын чаравік,

Ня маю грошы на патрэбу, –

     Бо я мужык, дурны мужык.


Заліты потам горкім вочы;

Ці я малы, ці я старык, –

Працую, як той вол рабочы, –

     Бо я мужык, дурны мужык.


Як хвор ды бедзен – сам бяруся

Лячыць сябе: я чараўнік!

Бо я бяз доктара лячуся, –

     Бо я мужык, дурны мужык.


Што голы я, павінен згінуць,

Як той у лесе чашчавік,

I, як сабака, сьвет пакінуць, –

     Бо я мужык, дурны мужык.


Але хоць колькі жыць тут буду,

Як будзе век тут мой вялік,

Ніколі, браткі, не забуду,

     Што чалавек я, хоць мужык.


I кожны, хто мяне спытае,

Пачуе толькі адзін крык:

Што хоць мной кожны пагарджае,

     Я буду жыць! – бо я мужык!